April 29, 2016

Конкурс-шоў ''Threadworks - 2016''

Ну вось, цяпер можна і мяне павіншаваць.
Дзьве мае работы прайшлі сіта конкурснага адбору і былі ўганараваны ўдзельнічаць у шоў-турнэ "Threadworks - 2016".

"Threadworks" - "выстава выключна крэатыўных работ мастакоў з усёй Канады" (a juried exhibition of exceptional creative needlework stitched by artists from across Canada), якая ладзіцца штотрыгады, работы адбірюцца на конкурснай падставе, і выстава вандруе па гарадах Антарыё напрацягу трох гадоў.
Кожнага разу загадзя абвяшчаецца тэма наступнага конкурсу. На 2016 год тэма была "Flashback" ("Погляд у мінулае"). Акрамя работ трэба прадставіць і кароценькую анатацыю да іх з тлумачэньнямі, што ты тут навышывала.
Дарэчы, у гэтым шоў удзельнічаюць ня толькі (і ня столькі) вышыванкі, але і пэчўорк, і пацеркі, і змешаныя тэхнікі -- усё, што робіцца ігокай з ніткамі.  Звычайна з некалькіх соцен работ выбіраюцца каля пяцідзесяці. Сёлета іх 45.

Я падавала на конкурс дзьве работы. Абедзьве яны трапілі ў Шоў.
1.Работа "Калядная Каза", выкананая ў зьмешанай тэхніцы: нітаграфікі (canvaswork), вынітаваньне (String Art), чорным-па-белым (Blackwork), шыцьцё золатам (Gold Work), пацеркі (Beeds work), беларуская нізанка (Belarusan Nizanka). Ніткі розныя: шоўк, бамбук, металік...
2. Пано "Кругі на вадзе", выкананае выключна беларускай нізанкай (Belarusan Nizanka).

Работы зараз можна паглядзець, наведаўшы выставу, што цяпер знаходзіцца ў Фергусе, Антарыё (Fergus) -- адрас бачны на улётцы -- Wellington County Museum. Там яна будзе знаходзіцца да 29 траўня. Потым пераедзе да наступнага мейсца недзе да Kirkland lake (у мяне ёсьць ужо расклад трохгадовых выставаў, хутка ён будзе апублікаваны і на сайце "Threadworks")

 Ну, што яшчэ сказаць?.. Я цяпер шчасьлівая, усхваляваная... Гэта вельмі прэстыжнае шоў. Кожнага разу гэта -- падзея ў "ніцяным" мастацтве. Да прыкладу, у маёй Таронтаўскай гільдыі, мае каляжанкі, заўсёды надавалі яму асаблівую ўвагу і заўсёды марылі туды трапіць, жылі "ад конкурсу да конкурсу". Трэба сказаць, што мы ганарымся, што работы Таронтаўскай гільдыі заўсёды былі там прадстаўленыя. І вось сёлета толькі мае дзьве работы з усёй Гільдыі, ды й з усяго Таронта ўвогуле, туды трапілі.
Я ганаруся.
І яшчэ трэба сказаць, што чыста вышывальных работ (то, чым займаюся я), наколькі я магу судзіць па фотаздымках ў каталогу, там ёсьць усяго каля дзесяці. З іх - дзьве мае :)

А яшчэ ... чуюся вельмі стомленай. Мне ён ня проста даўся, гэты конкурс.
Што як Калядная Каза была гатовая -- я яе зрабіла яшчэ год таму (не на конкурс, а для душы :) ), але калі я яе паказала на паседжаньні Гільдыі, распавяла пра сымбалі ... усе закрычалі, замахалі: "Тое, што трэба! На конкурс! На конкурс!" ...
А вось Кругі На Вадзе рыхтаваліся адмыслова для конкурсу. Мне хацелася ў поўнай моцы прадставіць "беларускую нізанку".
І недзе ў студзені, калі схема была гатовая (збольшага яна была гатовая і тры гады таму для папярэдняй тэмы "Вада", але я так і не дала рады з часам - шмат было работы з варштатамі...), я зазірнула на сайт Конкурсу, удакладніць тэрміны, паглядзець, што новага... і ... ай-ёечкі! ... Яны скарацілі тэрмін падачы заявак на цэлы месяц! І ў мяне засталося ня два месяцы, як я разлічвала, а толькі - адзін! А работа даволі аб'ёмістая па працы...  Давялося ... удыхнуць ... і выдыхнуць... І паверыць у сябе! Я адклала ўсе справы. Я цэлымі днямі сядзела з іголкай.
Нярвуюся, ці пасьпею...

1-га сакавіка быў першы этап адбору. Для яго трэба было толькі выслаць на емэйл фотаздымкі работ. Я адаслала.
Нярвуюся... Нікому не паказваю, не расказваю, срыжоўваю пальцы...

Хуценька, праўда, праз пару дзён, мне адказалі, што работы прынятыя для ўдзелу ў конкурсе з адмысловым журы. Прывозьце іх для наяўнасьці у Фергус, у Музэй.

З гэтым мне дапамог сябра Алесь Кот. Трэба было везьці работы, уладкаваныя ў надзейныя боксы (што як выдасца ім вандраваць тры гады..?), бо гэта ж Канада: няма машыны не дабярэсься, а я ж безмашынная...
4-га красавіка ў нашых мясьцінах паваліў сьнег, замяло дарогі.... І нашая з Алесем вандроўка -- гэта асобны расповед... ))))

Чакаю... Нярвуюся...
Праз тыдзень даслалі паведамленьне, што мае работы прынятыя для ўдзелу ў Інаўгуральным шоў у Музэі ў Фергусе. Запрашалі на ўрачыстае Адкрыццё выставы 17 красавіка. Нажаль, мне не ўдалося туды паехаць, бо 16 красавіка выправілася ў адваротны бок, у Атаву для віншаваньня шаноўнай Івонкі Сурвіллы.
Сказалі яшчэ, што паведамяць напрацягу двух тыдняў, ці трапяць мае работы ў перасовачную выставу, якая будзе вандраваць тры гады па Антарыё.
Нярвуюся...

Ну вось. Учора атрымала паведамленьне, што Калядная Каза з Беларускай Нізанкай выпраўляюцца ў шоў-вандроўку  па Антарыё!

... А з іншага боку ... трошкі сумна... Гэтыя работы яшчэ амаль ніхто ня бачыў. Ня ўдзельнчалі яны яшчэ ні ў фестывалях, ні ў выставах, ніякіх дысплэях... Яны пакінулі мяне на цэлых тры гады. І ніхто з майго атачэньня іх доўга не пабачыць. Ну, толькі што як ня зьезьдзяць да Фергуса :) .. Сьпяшайцеся! Выстава там будзе да 29 траўня. Потым выправіцца некуды далёка на поўнач.

 * Каза з тлумачэньнямі сымбаляў - тут (праўда, пакуль толькі па-ангельску) -- у мяне на  Facebook