April 24, 2016

Абярэг "Нябесны Крыж"

Абярэг "Нябесны Крыж" быў створаны адмыслова для шаноўнага спадара Зянона Пазьняка ў падарунак на ягоны 70-гадовы юбілей.

Два гады таму, у 2014г., мне па форс-мажорных абставінах не ўдалося прыехаць у Ню Ёрк, каб  павіншаваць яго і ўручыць гэты абярэг на адмысловай імпрэзе, якую ладзілі беларускія ню-ёрцы.  Вельмі аб гэтым шкадую. Што не ўдалося расказаць персанальна й прылюдна пра сымбалі, ушытыя ў Абярэг, "раскадзіраваць" значэньні, якія я ў іх уклала сваімі думкаі і рукамі. Абярэг дабраўся да спадара Зянона пазьней, іншым шляхам... А пра сымболіку я распавяла яму ў лісьце па электроннай пошце.

Я публікую гэты ліст у тым выглядзе, як ён быў дасланы сп. Зянону -- таму ў двукосьсі і са зваротам да юбіляра.

Абярэг "Нябесны Крыж" выкананы старажытнай традыцыйнай беларускай тэхнікай "нізанкай" (Belarusan Nizanka) у выглядзе вайсковага бел-чырвона-белага штандара.

 1. На чырвоным пасе, у самым верхнім ромбе – знак “Нябесны Крыж”. Гэта адзін з самых моцных знакаў і набываюць яго тыя, хто выбраў свой жыцьцёвы Шлях у імкненьні да Боскага ідэалу і родавага адзінства (то бок, у сучасным сьвеце – да нацыянальнага адзінства). Нябесны Крыж – знак чысьціні і ісьціны, бо ісьціна ў нябёсах адна. Тому, хто ідзе па Шляху з чыстымі думкамі, шчыра трымаючы ў сэрцы памяць Продкаў, Нябесны Крыж перадае моц і мудрасьць Нябеснага Рода і ягоных Дзядоў і дапамагае заўсёды знаходзіць самае слушнае рашэньне ў лабірынтах зямнога жыцьця.
2. Ніжэй, у цэнтральным ромбе, -- знак “Радзімыч”. Гэты знак – сымбаль бога Рода. Ён ёсьць ахоўнікам сусьветнага Закона, па якім мудрасьць Роду перадаецца з пакаленьня ў пакаленьне, ад Дзядоў да патомкаў. Гэта -- знак-зьберагальнік родавай (нацыянальнай)  памяці. Радзімыч дапамагае ня проста мудрым, але адорвае сілай людзей дзейных – Воінаў Духа.
3. У самым ніжнім ромбе – знак “Параць-кветкі”. Ня трэба, пэўна, тлумачыць, што Папараць-кветка – гэта сымбаль беларускай культуры, што гэта сакральная для беларусаў кветка, і штО яна дае тому, хто яе знойдзе. Але вось такі сымбаль Папараць-кветкі ёсьць яшчэ чыста мужчынскім абярэгам, які ахоўвае фізічнае і душэўнае здароў'е ягоным уладальнікам.
Гэта – мае “100 год!” Вам, спадар Зянон  :)
4. Памятаеце: “Як яны Беларусь пакідалі, у мяшэчку зямельку з сабою ня бралі...”?
Ня ўпэўнена, ці захапілі Вы з сабой нашай зямельцы... Калі – не, дык вось яна – рыхтык пад знакам Папараць-кветкі – сымбаль Зямлі. Гэты знак у народзе называецца “Маё поле засеена”, што ў шырокім сэнсе азначае: “Усё будзе добра! Інакш ня можа быць, бо я зрабіў усё, што меў зрабіць, як мае быць.”
Вось... Няхай нашая зямелька, нават у такім выглядзе, саграе Вашую бытнасьць, беражэ плён Вашае працы і надае Вам моцы ды ўпэўненасьці ў Вашых справах.

 5. Пяты элемент...  Ну, вядома, -- гэта наш традыцыйны сымбаль Вялікага Сонца. Вы яго ўбачыце самі.



На Сустрэчы беларусаў Паўночнай Амерыкі, Кліўленд, ЗША, 2008