January 08, 2014

Беларускі брэнд у Канадзе

2010 г.
Ганна Сурмач
у газеце "Наша Ніва"
"Я спадзяюся, што знаёмства канадцаў з беларускай культурай і літаратурай узбагаціць канадскую культуру. Вось дзеля гэтага я тут".
Так кажа пра сваю самаадданую дзейнасць на чужыне эмігрантка з Беларусі, шырока вядомая цяпер у беларускім замежжы і на Бацькаўшчыне беларуская мастачка, дызайнер, пісьменніца Ірына Варабей з Таронта.
Свой дадзены Богам талент і мастацкі густ Ірына найбольш ярка выявіла ў мастацтве вышыванкі. Яна здолела паказаць, што вышыванка можа быць не толькі рамяством, але і творам высокага мастацтва. Ірына з’яўляецца сябрам Таронтаўскай гільдыі вышывальніц і Канадскай асацыяцыі вышывальніц.
У Таронта штогод праводзіцца найбуйнейшы ў свеце фестываль рукадзелля CreativFestival, на які з’язджаюцца мастакі, дызайнеры, камерсанты з усяе Амерыкі і Еўропы. Ірына кажа, што заўсёды старалаcя не прапусціць такую падзею і была там кожны год у якасці наведніцы. Але на чарговым фестывалі, які праходзіў у Таронта 17–19 кастрычніка 2009, яна ўпершыню брала ўдзел у форуме як непасрэдная ўдзельніца,майстрыха-дызайнер. Адбылося гэта дзякуючы таму, што Ірына пачала супрацоўнічаць з вядомым у гэтай галіне мастацтва канадскім часопісам
A Needle Pulling Thread, гэтае выданне яна і прадстаўляла на Фестывалі.
І найбольш важна тое, што калекцыя вышыванак Ірыны выстаўлялася пад яе персанальным брэндам Spirit of Belarus («Дух Беларусі»).
Усе працы Ірыны заснаваныя на беларускіх вобразах і традыцыйных арнаментах. Яна не толькі вышывае, але і сама распрацоўвае схемы, па якіх робяцца вышыўкі. Звычайна, вышывальніцы карыстаюцца гатовымі схемамі, якія можна набыць у крамах. Ірыну непакоіла тое, што ў гэтых крамах можна пабачыць схемы на розныя сюжэты, але сярод іх няма нічога беларускага, хаця вышыванка з’яўляецца характэрнаю асаблівасцю беларускай культурнай традыцыі. Яна марыць пра тое, каб беларуская тэма набыла папулярнасць сярод вышывальніцаў, але дзеля гэтага, на яе думку, трэба стварыць устойлівы візуальны беларускі вобраз, і ім цалкам можа стацца беларуская традыцыйная сімволіка.
Цяпер мастачка працуе над тым, каб зрабіць свой брэнд больш папулярным, і ў яе гэта паспяхова атрымліваецца дзякуючы публікацыям пра яе творчасць на старонках згаданага вышэй часопіса A Needle Pulling Thread. Ірына прапануе канадскім майстрыхам беларускі дызайн для вышыўкі, каб далучыць яго да размаітасці канадскіх стыляў.
У вясновым выпуску часопіса за гэты год Ірынін праект быў пададзены пад загалоўкам Ripples on Water, a Spring («Кругі па вадзе. Крыніца») з такім каментаром: «У гэтым праекце майстрыхі могуць паспрабаваць свае іголкі ў беларускай вышыўцы, у традыцыйных стылях з Беларусі. Графічны, геаметрычны ўзор гэтай работы нагадвае нам мудрагелістасць тканых посцілак ды прыгажосць габеленаў 1800-х». Вось на такі высокі ўзровень паставіла канадскае прафесійнае выданне беларускае вышывальнае мастацтва, годна прадстаўленае свету нашай таленавітаю мастачкаю.
Ірыніны працы выкананыя не толькі ў тэхніцы «крыжык»; яна засвойвае іншыя тэхнікі і спрабуе нашыя беларускія ўзоры «перакласці» ў гэтыя іншыя тэхнікі. «Кругі па вадзе» выкананыя ў тэхніцы «чатырохстопнага баргела». У яе ёсць работы ў стылі «нітаграфікі» (Needlepoint), ёсць работа ў новай тэхніцы «вынітавання» (String Art). «Нітаграфіка» і «вынітаванне» — гэта ўласныя вынаходніцтвы мастачкі, назвы якіх яна таксама сама прыдумала. А вось «чатырохстопны баргела» — тут не толькі тэрмін, але і тэхніку новую прыдумала сама Ірына і гэтым канадкі і зацікавіліся, у гэтым якраз і ёсць элемент творчасці ў вышыўцы.
У наступным, ужо летнім выпуску часопіса канадцы падалі новы праект Ірыны Home Sense («Утульнасць хаты»). «Home Sense» — гэта пано з жыццярадасным трыпціхам, тэмаю якога з’яўляецца традыцыйная аздоба ўнутранага дызайну беларускай хаты, якая стварае ўтульнасць і атмасферу высокай духоўнасці чалавечага жыцця ў ёй. А ў больш агульным сэнсе — гэта тэма Беларусі і яе нацыянальнай адметнасьці. Да праекту пададзены адпаведны каментар: «…Народ гэтай краіны быў названы „белым“ за любімы колер сваіх адзенняў. Беларусы не фарбавалі сваіх даматканых вырабаў, ім падабаўся натуральны выгляд роднага ільну, які, чым болей яго мылі, тым бялейшым рабіўся. Адно што яны ўпрыгожвалі свае белыя адзенні ды посцілкі чырвонай вышыўкай. Белы ды чырвоны колеры, што праз стагоддзі захоўваліся ў традыцыйнай вышыўцы, зрабіліся для беларусаў складнікам іх нацыянальнага багацця, што і прадстаўлена ў іхным нацыянальным сцягу».
Рэдакцыя часопіса A Needle Pulling Thread паведаміла сваім чытачам, што ў восеньскім нумары будуць змешчаныя новыя прывабныя схемы вышыванак у тэхніцы нітаграфікі ад Ірыны Варабей.
Сама Ірына так ацэньвае свае пададзеныя у гэтым салідным выданні праекты пад адмысловым беларускім брэндам Spirit of Belarus:
«Мае работы — гэта толькі спроба першай выведкі ў гэтым моры сучаснага вышывальнага мастацтва, улучэння ў яго беларускай адметнасці, каб свет яе заўважыў, ацаніў, прыняў у сваю супольнасць. Я ведаю, што за мной прыйдуць іншыя, больш таленавітыя, творчыя, маладыя і дзёрзкія і давядуць свету, што вышывальніцкая Беларусь жыве. Ёй ёсць што паказаць: цудоўныя па прыгажосці, фантастычныя па складанасці, мудрагелістыя ды загадкавыя і ў той жа час асвечаныя ўсім духоўным жыццём нашых продкаў — нашы беларускія арнаменты. Тут бязмежнае поле для даследаванняў навукоўцаў, а нам, майстрыхам (майстрам), — для натхнення ды рэалізацыі сваіх творчых памкненняў.
Давайце падымем наш брэнд так высока, каб яго сапраўды было відаць адусюль!»
Варта адзначыць, што замежны свет ужо меў магчымасць ацаніць прыгажосць беларускага вышывальніцтва, і сёння шмат хто, напрыклад, з амерыканцаў мае ў сябе дома падораныя ім беларусамі вышыванкі і аздобленыя вышыванымі беларускімі ўзорамі побытавыя рэчы, зробленыя таленавітаю майстрыхаю-вышывальніцаю Юляю Андрусішын. Успамінаецца мне, як некалі прыгожыя беларускія вышыванкі паказвалі мне беларускія жанчыны ў Кліўлендзе. Шмат што з гэтага багацця ўжо страчана і страчваецца далей, а не знаходзіцца ў музеях, дзе ім належыць быць.
Ірына Варабей звяртаецца з заклікам захаваць і падтрымаць зробленае ў беларускім замежжы да беларускіх майстрых і на Бацькаўшчыне, дзе мастацтва вышыванкі год за годам прыходзіць у заняпад, не шануецца і не падтрымліваецца моладдзю. Я належу да пасляваеннага пакалення і мне давялося расці на Бацькаўшчыне тады, калі яшчэ былі жывыя традыцыі вышыўкі, ткацтва. Разам з маці я сядала за кросны, сукала цэўкі, фарбавала ніткі. Памятаю, што маёй найбольшаю мараю тады было навучыцца вышываць «крыжыкам» ды «гладдзю», а найбольш мне хацелася купіць у краме не цукеркі-«падушачкі», а рознакаляровыя ніткі мулінэ для вышыўкі. Ці ёсць сёння ў Беларусі дзяўчаты, што маюць такія мары? Адгукніцеся і падтрымайце тую наватарскую працу, якую распачала ў далёкай Канадзе таленавітая беларуская мастачка, каб нашу з вамі Бацькаўшчыну пазнавалі ў шырокім свеце і каб мы ўзбагацілі сусветную культуру сваімі нацыянальнымі здабыткамі.
Ганна Сурмач
 ў газеце "Наша Ніва"
2010 г.