Wednesday, April 27, 2016

Абярэг "Зорка Алатыр"

Абярэг "Зорка Алатыр" быў створаны адмыслова для шаноўнай спадарыні Івонкі Сурвіллы ў  падарунак на ейны 80-гадовы юбілей.

Абярэг быў уручаны на імпрэзе па ўганараваньню спадарыні Івонкі, якая адбылася ў Атаве 16 красавіка. Тады ж падчас уручэньня Абярэга я распавяла ёй (і шаноўнай публіцы) аб знаках, "ушытых" у яго, "расшыфравала" усе значэньні і мае пажаданьні, якія я ў іх уклала.

Тут ніжэй з дазволу шаноўнай Івонкі публікую "стэнаграфію" сваёй прамовы.

"Дарагая Івонка,
Я далучаю свае віншаваньні да ўсіх тых словаў цеплыньні і захапленьня, сказаных тут да мяне нашымі сябрамі! А свае пажаданьні Вам я склала і ўшыла мовай старажытнага беларускага сымбалічнага пісьма ў гэты Абярэг, створаны для Вас у падарунак.

Вы ж напэўна захочаце, каб я зараз расшыфравала ўсе знакі, ушытыя ў Абярэг? (галасы з прысутнага народу: "зараз!" "расказвай"! :) )
Добра.

Але паперш усяго я мушу расказаць, што такое абярэгі і чым яны розьняцца ад амулетаў.
Амулет – гэта такая рэч, якая валодае магічнай сілай. І гэтай сілай яго надзяляе сама Прырода. Чаму так здараецца, мы ня можам ведаць.
Абярэг – такая рэч, якая валодае такой жа магічнай сілай. Але гэтай сілай яго надзяляе чалавек. То бок, праз рукі майстра ў працэсе ягонага стварэньня  ў абярэг уваходзіць дабрачынная энэргія. Гэта можа быць любая рэч, створаня рукамі чалавека, – выкаваная з металу, выразаная з дрэва... Але спрадвеку самым эфектыўным шляхам стварэньня магічнай сілы ўважалася вышываньне. Ня дзіва, бо нават і навукоўцы ўжо прызнаюць, што іголка працуе як антэна, выхопліваючы хвалі інфармацыйнага поля і зашываючы іх у тканіну. 

Абярэг ‘’Зорка Алатыр’’

Абярэг выкананы ў традыцыйнай беларускай тэхніцы, якую я адкрыла для Канады і якая ўжо увайшла ва ўсе вышывальніцкія анналы сьвету пад назвай Belarusan Nizanka. Гэта старажытная тэхніка, якой вышывалі рытуальныя рэчы (у тым ліку, рушнікі), бо яна адпавядала сакральнай фунцыі, што як выглядала прыгожа, а галоўнае – сэнсоўна, з абаіх бакоў, і ня мела нідзе вузлоў і блытаніны (бо вузлы ўважаліся за перашкоду для сьветлай энэргіі, якую рытуальныя рэчы мусілі захоўваць).

1. У цэнтры Абярэга знаходзіцца васьміканцовая Зорка Алатыр.
Зорка Алатыр можа мець два выгляды. Калі ейныя промні ідуць вертыкальна і гарызантальна, у выглядзе крыжа – гэта мужчынскі Алатыр. Калі промні – дыяганальныя (павярнуць на 45°), у выглядзе літары “х” – гэта жаночы Алатыр.
Зорка Алатыр – вельмі моцны знак. У ім сканцантравана ўся энэргія Сусьвету. Гэтая Зорка – пучок пачаткаў і канцоў коласьвету.  У ёй схаваныя ўсе астатнія знакі, сымбалі, руны, бо зь яе яны выходзяць і зьяўляюцца адно меншай праявай самога Алатыра.

Зорка Алатыр мае шмат функцыяў.
Найперш -- як Зорны Камень Алатыр – аснова Сусьвету – мейсца, дзе адпачываюць і набіраюцца сіл усе багі.

У народзе яго называюць “Вокам Роду”. Праз Зорку Алатыр глядзіць на нас бог Род – існасьць, якая ствараецца з душаў нашых памерлых продкаў. Праз промні Алатыра за намі сочаць нашыя Дзяды, яны апякуюцца намі, кіруюць нас, дапамагаюць нам.

2. Вось тут, на ўваходзячых промнях вышытага мной Абярэга, я змясьціла сымбалі “Дзядоў”. Праз Зорку Алатыр нашыя Дзяды будуць несці Вам, спадарыня Івонка, сваю апеку і падтрымку.

Яшчэ, Зорку Алатыр вышывалі на рытуальных рэчах для тых, каго высьвячалі ў храмы. Для таго, хто станавіўся на сакральны Шлях служэньня свайму Роду. А гаворачы сучаснай мовай – на Шлях служэньня свайму народу, сваёй нацыі. Тым, хто ахвяруе сваё жыцьцё на алтар (дарэчы, слова ‘’алтар’’ паходзіць ад слова ‘’алатыр’’) служэньня свайму народу, Алатыр дае фізічную сілу, вядзе да духоўнай дасканаласьці й мудрасьці. Алатыр сваімі промнямі высьвечвае Шлях гэтага чалавека сьветлай моцай, захінаючы яго ад цёмных сілаў.

3. На зыходзячых промнях Алатыра я зьмясьціла “калосьсі” бога Рая. Гэта -- бог урадлівасьці. У нас іх некалькі, багоў ураджаю. Два браты – Жыцень ды Рай (англамоўныя сябры, заўважым сабе... ;)
Рай будзе шчыраваць над тым, каб усе Вашыя справы былі “ўрадлівымі”, мелі свой плён.

4. Для асабістага жыцьця, на асабістае шчасьце я вышыла нашую беларускую Берагіню. Яна будзе апекавацца Вашым здароўем ды сачыць за ладам ў хаце і ў сям’і.

5. Апошні зак. Мне ён вельмі падабаецца, і я, як і нашыя бабці, люблю ўлучаць яго ў свае дызайны. Традыцыйна ўлюбёны знак Зямлі. Простыя ромбікі з кропачкамі і крыжыкамі ўнутры. Вось у мяне яны тут на васьмі пасах, якія доўжацца і замацоўваюцца-завязваюцца на рамцы. ...Мы ўсе “завязаныя каранямі” да нашай зямлі і “мацуемся” ёю...
Тут, на пасах са знакам Зямлі, у мяне раскідана шмат рысачак. Гэта -- “зернейкі”. У вышыўках нашых бабцяў такія маленькія рысачкі, крыжыкі – то бок, зернейкі – азначалі паўсядзённыя вітаньні й пажаданьні: “добры дзень!”, “добрага здароў’я!”, “добрай дарогі!”...
Мне вельмі падабаецца народная назва гэтага знака. Ён называецца гэтак паэтычна – “Маё поле засеена”. Што азначае: “Я шмат працаваў, я шчыраваў, зрабіў усё, чым моц мая магла. Поле засеена. А значыць, будзе ўраджай. Будзе плён, будзем жыць, і ўсё будзе добра!”

Як я ўжо казала, што майстра ўкладае сваімі рукамі магічную сілу ў абярэг, гэтак я сваім правам майстры, сваёю воляю й думкамі ўкладаю ў знак Зямлі яшчэ адзін сэнс. ...Памятаеце ў Куляшова: “Як яны Беларусь пакідалі, у дарогу мяшэчкаў зь зямлёю ня бралі...”?
Ня ведаю, ці ёсьць у Вас, спадарыня Івонка, удома мяшэчак з роднай зямлёю... (у гэты момант спадарыня Івонка паскардзілася: “Забралі на мяжы”.)... Вось! У такім разе, нашая беларуская зямелька, калі не ў мяшэчку, дык на гэтым Абярэгу заўсёды будзе з Вамі!

Вашае поле засеена!
Дарагая Івонка!
І за гэта Вам ад нас нізкі паклон!”



25 Сакавіка 2002 г., ля кансулята Рассеі ў Таронта

No comments:

Post a Comment