October 22, 2017

ANPT. Summer 2011. United Family

A Needle Pulling Thread, Summer 2011бачыны 54-56
-публікацыя ў часопісе-

United Family - Дружная сям'я


Традыцыйная беларская вышыўка – гэта ня проста прыгажосьць і творчасьць. Беларускія жанчыны лічаць, што вышываньне – гэта стасункі з духовым сьветам, а іхныя вышываныя рэчы – гэта лісты і малітвы да Бога.
Нацыянальны беларускі арнамент выяўляе з сябе мазаіку ўзораў, сабраных з геаметрычных фігур, якія выкарыстоўваюцца ў якасьці сымбалічнага пісьма. Даўней, напрыклад, з вышываных узораў на адзеньні чалавека можна было прачытаць усё аб ягоным сацыяльным статусе. А яшчэ можна было зрабіць такую віншавальную ''паштоўку'' ў выглядзе вышыванай кашулі, дыванка або адмысловага рушніка.

Рушнік – самы папулярны для такой нагоды сродак. У беларускай культуры рушнік – гэта ня проста рэч хатняга ўжытку. Вышываны рушнік мае вялікае сакральнае значэньне ў беларускай культуры і гісторыі: ён ужываўся ва ўсіх звычаях і рытуалах, выконваючы ролю “дарогі’’ – зьвязку – між фізічным сьветам і духовым. Мы верым, што калі ты “напішаш’’ свае пажаданьні вышыванымі сымбалямі на рушніку, твае малітвы будуць пачутыя.
Яшчэ адным любімым сродкам для “выказваньня” або вышываньня сваіх жаночых жаданьняў і надзей зьяўляюцца посьцілкі, насьценныя дываны і габелены. Што да посьцілак і дываноў – гэта размова асобая і больш складаная, бо яны могуць несьці ў сабе цэлыя расповеды: гісторыі, балады, песьні, карцінкі з асабістага лёсу і г. д.

Як вы думаеце, дык аб чым марылі беларускія бабці (тыя самыя, што захавалі гэтыя сымбалі ды ўзоры для нас) у сваіх вышыванках? Нават не сумнявайцеся. У любым кутку зямлі, ва ўсе часы ад стварэньня сьвету, думкі і мары любой жанчыны былі такімі ж, як і вашыя – добра выйсьці замуж, мець харошага мужа, здаровых дзяцей, лагодную сьвякруху, увішных нявестку/зяця – так, усе яны аб сям’і. 



У беларускіх арнаментах ёсьць узоры-сымбалі “дзеці”, “маці”, “хлопчык”, “дзяўчына” і г.д. Але ёсьць і адзін, што азначае менавіта “сям’ю”, або сымбаль – “дружная сям’я”. У беларускай мове, слова “сям’я” складаецца з двух кораняў: “сем” і “я” – “сем мяне”. І такім ёсьць і сымбаль “дружнай сям’і” – ромб, падзелены на некалькі частак, які ў сваю чаргу драбніцца, ствараючы такі мудрагелісты “узор ва ўзоры”.

Для мяне як дызайнера, інтрыгай было перайначыць традыцыйны ромбавы ўзор для вышываньня аднымі прамымі сьцяжкамі.

Калі вы будзеце вышываць гэты дыванок “Дружная сям’я”, я жадаю вам, каб усе вашыя мары аб вашай сям’і спраўдзіліся.

 

  Набыць схему на Etsy


 
    Іншыя публікацыі ў ANPT

No comments:

Post a Comment