May 17, 2014

Трэці шлях

"...Калі хочаш нечага папрасіць у Бога -- маеш розныя шляхі да Яго. Па-першае, можаш схадзіць у царкву ды памаліцца. Па-другое, можаш запаліць грамнічную сьвечку; і пакуль агонь гарыць -- маеш час для звароту да Яго... Але ёсьць яшчэ адзін шлях. Наш пракаветны, з даўняе даўніны. Складзі свой ліст да Яго. Не, ня літарамі і не алоўкам. Вазьмі голку з ніткай - і вышый. А замест словаў -- узоры. Усё пра ўсё у тых узорах ёсьць... "
 
    Гэтак некалі прыгаворвала мая бабуля, калі навучала мяне складаць з вышываных крыжыкаў ды ромбікаў узоры, а з узораў -- свае лісты да Бога і гэткім магічным чынам наладжваць сваю повязь з духовым сусьветам.
А можа, і не мая бабка... А можа, і ня мне... Можа, маёй бабцы ейная бабка, калі тая яшчэ была маленькай... А можа, іншая бабка ды ў іншае стагодзьдзе... Можа, гэткім чынам мільёны нашых бабак з века ў век перадавалі наступным пакаленьням сваю няхітрую мудрасьць.

'Дабраславенне'. Нітаграфіка
    Беларусы -- адзіная нацыя ў Эўропе, якая захавала старажытнае сымбалічнае пісьмо, пераклаўшы яго ў вышывальныя арнаменты. Сымбалі, захаваныя ў беларускіх вышыванках, былі агульнымі для эўрапейскага супольніцтва (падобныя ўзоры сустракаюцца і на Ўсходзе і нават на амерыканскім кантыненце), але адно беларусы помняць, што яны азначаюць. З пакаленьня ў пакаленьне, праз веру ў тое, што вышыўка ёсьць магічнай дзеяй, што вышываныя ўзоры -- гэта нашыя лісты ў духовы сусьвет, яны перадавалі значэньне старажытных сымбаляў...
    Беларусы ўважаюць сябе за вышывальніцкую нацыю. І па праву ганарацца сваімі вышывальнымі здабыткамі перад ўсім сьветам. Вышыўка адыграла такую важкую ролю як у матэрыяльным, гэтак і ў духоўным развіцьці нацыі, што сталася нават брэндам нашае культуры, адметнасьць якога не змаглі зьняважыць нават камуністычныя ўлады, знайшоўшы яму месца на дзяржаўным беларускім сьцягу.
Схема для вышыўкі крыжыкам
    І як гэта ні парадаксальна, але сучасныя беларусы ганарацца сваім брэндам, дзеля якога так шчодра напрацавалі продкі, самі ж для ягонага разьвіцьця нічога ня робячы. Беларуская вышыўка неаглядна адстала ў той частцы ўсясьветнага выяўленчага мастацтва, якім сёньня зьяўляецца сучаснае рукадзельле. Я гэта кажу, бо, знаходзячыся тут, на амерыканскім кантыненьце, які можна лічыць цэнтрам сучаснага вышывальнага мастацтва, бачу, якога ўзроўня дасягнула гэтая справа тут. Гэта ня толькі майстэрства ды разнастайнасьць саміх работ. Я па-добраму зайздрошчу дзейнасьці Амерыканскай ды Канадыйскай асацыяцый вышывальніц: у іх і гільдыі, і семінары, і фестывалі, конкурсы, часопісы, вэб-сайты, майстар-класы, (дабаўлю яшчэ і Каралеўскі цэнтар вышыўкі ў Англіі са сваім Каледжам і прыдворнымі вышывальніцамі), інфармацыйныя банкі стыляў і тэхнік з усяго сьвету -- і у рэшце рэшт, якое багатае й цікавае творчае жыцьцё ў тутэйшых вышывальніц! Тым больш, што для занятка вышыўкай ня трэба спецыяльнага таленту -- якое ж гэта дэмакратычнае мастацтва, самы просты спосаб рэалізацыі сваіх творчых памкненьняў! -- любая аматарка можа худа-ладна вышыць для сябе, калі не хапае здольнасьці на прыдумваньне, любы узор па схемах, распрацаваных для ейных паслуг вялікадушнымі дызайнерамі. 
'Берагіня'. Інструкцыя і схема вышыўкі беларускай нізанкай.
І рэклама кампаніі ''Spirit of Belarus''

    Я гэтак жа, як і ўсе, некалі пачынала вышываць па чужых схемах. Аж пакуль мяне як беларуску не зачапіў той факт, што сярод незьлічоных схемаў у крамах між віктарыянскіх, індзейскіх, афрыканскіх, кітайскіх, японскіх, нават расейскіх і шмат іншых матываў няма толькі беларускіх. А што ж павышываць беларуске? Дзе яны -- лёгка-пазнавальныя беларускія матывы, распрацаваныя для вышыўкі майстэрскай рукой сучаснай дызайнеркі? Такія, каб любая Дональдзіха-Макдональдзіха ў краме магла ледзь кінуўшы вокам сказаць: "А, ведаю... гэта – беларускае", і зрэшты набыць яго, спакусіўшыся на цікавую наватарскую тэхніку. 

    Дый а якія яны -- беларускія матывы наагул?

    Тут, напэўна, я мушу зрабіць невялічкі адступ, каб удакладніць сваю думку ангельскім словам імідж. Вы пагодзіцеся сам мной, што для кожнае краіны (культуры, этнаса) склаўся ў сьвеце вобразна-мастацкі імідж. Вось глядзіце. Што на розум прыходзіць чалавеку, калі чуе слова “Японія”? Пэўна ж, галінку сакуры, дзяўчыну з веерам ў даўгаполым капялюшы, дліннай квятастай сукенцы. Нехта ўзгадае маляванкі баціка, нехта – яшчэ вершы хоку. А пры слове – “Перу”? Ага: шчымлівую мелёдыю, вялізнае пончо,  і яшчэ больш шырачэзны капялюш. Пры слове “Кітай” памяць кожнага абпальваюць чырвона-залатыя цмокі. Прыклады можна прыводзіць столькі доўга, колькі ў сьвеце набярэцца краін.  
'Грамнічная сьвечка'.
Тэхніка ''хардангер''
    Дык а што ж Беларусь? Што ва ўсім сьвеце людзі згадваюць пры слове Беларусь? ...Мы, эмігранты, вельмі добра ведаем, што... Так-так, Беларусь згубілася недзе на прасторах неагляднай Эўропы -- маленькая невядомая краіна памерам з метраполію Англію з загадкавай культурай, векам са старажытную індускую... 
    Сорамна прызнацца, але, пэўна, гэта і добра, што на амерыканскім кантыненьце ўсё яшчэ ня ведаюць, якая такая вышывальніцкая нацыя са сваім ганаровым брэндам існуе ў сьвеце. Бо ў іншым выпадку нам давядзецца прадставіць на пахвальбу свае дасягненьні -- павыцягваем з куфраў прабабкіны "крыжыкі" ды "гладзі"... і што ж? ...А нам скажуць: "Та цю-у-у.... крыжыкі мы ўжо бачылі, гэтак яшчэ нашыя бабці вышывалі. Пакажыце, што ў вас новенькага. Мо ў вас новае "баргела" ёсьць? А мо ў "белым-па-белым" якась па-хітраму дзіркі робіце? А мо завітастыя якісь швы ў "чорным-па-белым" маеце? Што ў вас адметнага? Дзе вашыя сучасныя творы?"
    Бадай, я тут мушу зноў адступіцца ды зрабіць-такі ніжэйшы паклон нашым прабабкам. Ведалі, ці ня ведалі яны, які знакавы закід у будучыню зрабілі, гэтак упарта зьберагаючы вышываньнем старажытнае сымбалічнае пісьмо ды назапасіўшы ім тыя куфры, каб была патомкам нагода вышывальніцкай нацыяй звацца. Здаецца, праўда, маркотна зараз іхным душам у нябёсах глядзець на тое, як мы іхную традыцыю ўзялі раптам ды кінулі. Але гэтае рунічнае пісьмо, захаванае ў па-мастацку гарманічных арнаментах рукамі простых сялянак, -- і можа стацца тым адметным, што мы можам выкарыстаць для стварэньня ўстойлівага, лёгка-пазнавальнага беларускага іміджа. 

     Вышывальніцкі сьвет даўно ўжо перажыў выдаткі "навуковага й тэхнічнага ХХ стагодзьдзя", што моцна быў ляпнуў па руках рукадзельніц сваім прагрэсам. Рукадзельніцы Захаду, зьяднаўшыся і разам захаваўшы адданасьць любімаму занятку, узроўнем свайго майстэрства, віртуознасьцю тэхнік, разнастайнасьцю ды прагажосьцю сваіх работ далёка пераасягнулі машынную вытворчасьць, давёўшы права вышываньню (ды й іншым відам рукадзельля) заняць пачэснае месца сярод ужо не рамёстваў, але -- высокага мастацтва. 
Улётка дызайнерскай кампаніі ''Spirit of Belarus''

     Мае работы -- гэта толькі спроба правесьці першую выведку ў гэтым моры сучаснага вышывальнага мастацтва, улучыць у яго беларускую адметнасьць, каб сьвет яе заўважыў, ацаніў, прыняў у сваю супольнасьць. Я ведаю, што за мной прыдуць іншыя, больш таленавітыя, творчыя, маладыя й дзёрзкія -- і давядуць сьвету, што вышывальніцкая Беларусь жыве! Ёй ёсьць што паказаць: вытанчаныя па прыгажосьці, фантастычныя па складанасьці, мудрагелістыя ды загадкавыя, і ў той жа час асьвечаныя ўсім духоўным жыцьцём нашых продкаў -- нашыя беларускія арнаменты. Тут бязьмежнае поле для дасьледаваньняў навукоўцам, а нам, майстрыхам (і майстрам :) -- для натхненьня ды рэалізацыі сваіх творчых памкненьняў. Давайце падымем наш брэнд так высока, каб яго сапраўды было відаць адусюль!

     Я ўжо пачала.

Toronto, 2007

  

May 15, 2014

Ліст ад Мэры Уэл (Mary Wahl)

Мая сяброўка па іголцы Мэры Уэл ( Mary Wahl) узгадала, што ў мяне ёсьць нагода адзначыцца: 5 год, як я заснавала сваю мастацка-дызайнерскую кампанію "Spirit of Belarus".
Няма ў мяне спецыфічнай даты заснаваньня - усё нараджалася спантанна. Але ўсё ж гэтае пяцігодзьдзе я адлічваю ад таго, як пад гэтым брэндам пачалося маё супрацоўніцтва з часопісам "A Needle Pulling Thread".
А ў Таронтаўскую гільдыю вышвальніц я прыйшла, калі дакладна, не 10, а 9 год таму. Дату буду спраўляць налета (трэба на гэты раз неяк падрыхтавацца ўсё ж ). У 2005 годзе я зьявілася ў Гільдыі. Гэта я дакладна памятаю, бо гэта быў вельмі ўдалы час, бо якраз ў той год, ў травені, Гільдыя прымала ў сябе, у Таронта, штогадовы ўсеканадыйскі Семінар. І я была шчасьлівая бачыць усю "кухню" падрыхтоўкі, а затым мне яшчэ пашэньціла: арганізатыры забыліся запрасіць фатографа, я прапанавала свае паслугі - і вуаля! - я мела пропуск на ўсе падзеі Семінара й нават на заключны банкет! Вось там, на Семінары, падчас шоў-выставы работ сябраў Канадыйскай асацыяцыі вышывальніц, мы з Мэры і пасябравалі: яна была арганізатарам гэнай і наглядальніцай там цягам некалькіх дзён, а я там рабіла здымкі кожнай работы і дапамагала Мэры.
Зрэшты, мушу дабавіць свае падзякі ўсім таваркам па Гільдыі: мне на гэтай выставе на Семінары зрабілі асобны куток-дысплей з маімі работамі пад назвай "Impressions of Belarus" -- вось так яны прынялі "зялёнага новапрыбыша"... Але аб усім гэтым - наступным разам, налета, на дзесяцігодзьдзе...
А сёньня -- ліст-артыкул маёй сяброўкі Мэры, які яна даслала на бізнэс-старонку кампаніі "Spirit of Belarus". Я падаю пераклад на беларускую мову (лінк на арыгінал - ніжэй).
Мушу яшчэ сказаць пару слоў пра аўтара. Мэры Уэл -- майстрыха-дызайнер у вышыўцы, у пэчўорку і вырабленьні лялек. Сябра многіх спецыялізаваных гільдый. Былая старшыня Таронтаўскай гільдыі вышвальніц. Пераможца шматлікіх конкурсаў, уладальніца шматлікіх узнагарод... Я ганаруся сваім сяброўствам з ёй. А сёньня ўдзячна ёй за такі ліст і за тое, што нагадала мне пра мой маленькі юбілей 


www.facebook.com/SoB.designs/posts/464517273651797  

 
"Споўнілася 5 год ад таго часу, як мая сяброўка Ірына заснавала сваю дызайнерскую кампанію "Spirit of Belarus". Дзесяць год таму яна прыйшла ў Таронтаўскую гільдыю вышывальніц. І вось я хачу сказаць некалькі словаў аб ёй -- маёй добрай сяброўцы Ірыне.
Ірына - вельмі творчая асоба. Мяне вабяць ейныя вышыванкі й дызайны, якія заснаваныя на вобразах ейнай роднай беларускай культуры. 
Мы пазнаёміліся зь ёй на паседжаньнях Таронтаўскай гільдыі вышывальніц, калі яна прыйшла да нас. Мы ўдвох пасябравалі, бо я часта падвозіла яе да бліжэйшай станцыі метро. Праз гады было вельмі цікава назіраць, наколькі цудоўна яна палагаецца на сваю нацыянальную спадчыну ва ўсім, што яна робіць. І гэта ўсё негледзячы на тое, што яна так даўно не была на радзіме, нават на візыт.
У травені 2005 на сяброўскай выставе падчас Семінару, які штогод ладзіць Канадыйская асацыяцыя вышывальніц, Ірына прадставіла дысплей са сваімі работамі. Гэта была першая для яе магчымасьць паказаць сябрам Асацыяцыі ды іншым тое, што яна можа рабіць. Гэта былі работы ў стылізаваных дызайнах, заснаваных на нацыянальных арнаментах. Куток з ейнымі работамі настолькі прывабліваў людзей такім кшталтам традыцыйнай этнічнай вышыўкі, дагэтуль невядомай канадыйскім рукадзельніцам. І тады яна вырашыла працаваць цалкам са сваімі нацыянальнымі матывамі. З другога боку, яна прагна хацела навучыцца новым тэхнікам. Такім чынам і нарадзіўся ейны собскі адметны стыль этна-мадэрн: унікальны, прывабны - зусім не падобны на тое, што мы прывыклі бачыць. Ейныя вышыванкі сапраўды прыгожыя! Ейныя чароўныя беларускія дызайны вельмі прыемныя для вышываньня. Вось таму Ірына вырашыла скарыстаць сваё дызайнерскае майстэрсва для таго, каб рабіць схемы для іншых і заснавала сваю кампанію. 
Асабіста я атрымліваю асалоду ад ейных дызайнаў, зробленых у нацыянальным лубочным стылі. Яны заснаваны на старых вобразах і гісторыях, якія для нас ёсьць вельмі незвычайнымі і прывабнымі, бо цікава знаёміцца з новым падчас вышываньня.
А яшчэ Ірына дае класы. Вось напрыклад, у краме "Gitta's", дзе прадаюцца ейныя дызайны. Тут яна рабіла варштаты па ейных дазайнах. У студзені 2014 яна навучала нас, дзённую групу Таронтаўскай гільдыі, як вышываць беларускай тэхнікай "нізанка" на прыкладзе сваіх дызайнаў. Усе былі вельмі задаволеныя гэтым варштатам, у многіх у выніку атрымаліся закончаныя вырабы. Нізанка -- гэта адзін з відаў арнаментальнага выпляценьня на тканіне. Ірына зрабіла нам слайд-шоў, на якім мы ўбачылі такія прыгожыя традыцыйныя беларускія ўзоры, вельмі мудрагелістыя, але насамрэч, робяцца яны проста. Некаторыя зь іх ствараюць аптычны эфект. Такія ўзоры вышываліся на адзеньні, посьцілках, паясах, яшчэ на рушніках, дзе яны гралі сваю ролю ў старажытных язычніцкіх рытуалах і г.д. У гэтай тэхніцы няма вузлоў, а ўзор выглядае слушна з абаіх бакоў.
У дадатак да вышываньня, Ірына яшчэ ёсьць цудоўным фатографам. Я захапляюся ейнымі здымкамі. Ведаю, яна выйграла некалькі прызоў у фатаграфіі. У яе ёсьць сын, ён -- выдатны спартовец-роварнік. Разам з ім ды ягоным роварам Ірына шмат вандруе, здымаючы ўсё на сваім шляху. 
Схемы да Ірыніных дызайнаў ёсьць у продажы. Вы можаце іх знайсьці на ейным веб-сайце ды ў двух ейных он-лайн крамах.

Мэры Уэл (Mary Wahl)
2 травеня 2014.
https://www.facebook.com/SoB.designs/posts/464517273651797