Wednesday, November 2, 2016

Канадыйская асацыяцыя вышывальніц прэзентуе "Spirit of Belarus"

Вось і скончылася сьвята (шоў із овэр..). На восеньскім Фестывалі рукатвораў, што ў Таронта (CreativFestival 2016-Fall), прайшла мая персанальная выстава пад эгідай Канадыйскай асацыяцыі вышывальніц (Embroiderers' Association of Canada - EAC).
Гэта быў мой поўны дысплэй. Апошні раз такі ж я мела на Фестывалі чатыры гады таму. Пасьля таго я збольшага займалася папулярызацыяй беларускай нізанкі - давала класы, рабіла варштаты, прэзентацыі і ўсякія вялікія і малыя дэмо.
На гэты раз я мела шыкоўныя ўмовы -- палову вялізнага буціка! (ажно засьвярбела ў запясьцях, што гэх! работ у мяне бадай малавата, каб завесіць усё ))).

Што можна сказаць у параўнаньне?.. Мяне ведаюць. Прыходзяць і пазнаюць і работы, і назву кампаніі - "Spirit of Belarus". Гэта дзякуючы публікацыям у часопісе і артыкулам ў EAC блогу. Многія наўпрост мяне шукалі, прыходзілі мэтанакіравана, каб пазнаёміцца, паціснуць руку, пабачыць работы ў рэале, каб набыць схемы. ... Прыбягалі мае студэнткі з леташняга класу, хваліліся, якія яны ўжо ўдаліцы, навучаюць беларускай нізанке сваіх сябровак... Часам народу набівалася столькі, што даводзілася 'працаваць цэзарам': размаўляць з некалькімі адначасова...

Беларусь таксама ўжо ведаюць :). Праўда, трапляюцца яшчэ некаторыя, не ахопленыя ведамі, так што ў мяне яшчэ ёсьць работа...
Было шмат знаёмстваў, прапановаў. Запрашалі з прэзентацыямі і варштатамі ў клубы і гільдыі, у іншыя гарады. Нават паступілі запросіны ад гільдыі квілтэраў (пэчўорк). А адна квілтэрка набыла схему маёй беларускай дзяўчынкі - будзе выкарыстоўваць у сваім дызайне.
Колькі схем прадалася, ня ведаю - бухгалтар з мяне кепскі, ніколі далічыцца не магу, з такой мітусьнёй. Ды мне гэта няважна. Ня гэтае важна. Важна, што канадыйкі панесьлі дахаты схемы "in Belarusish style", будуць вышываць і думаць аб Беларусі і думкамі сваімі ствараць ёй добры эгрэгар.
Бэстсэлерам былі "Бярозкі.." ("The Lure of Birchwoods"). А флаерсы ды ўлёткі з рэклямай маіх он-лайн крамаў разьляталіся сотнямі; штовечары даводзілася дадрукоўваць яшчэ і яшчэ. Дзеткам схемы аддавала ў падарунак.
Што зьдзівіла?.. У мяне зьявіліся карыстальнікі-мужчыны. Ага - вышывальнікі! Ажно тры! Цікавіліся збольшага геаметрычнымі ўзорамі, што з нашых тканых посьцілак - "кошычкамі", якія я назвала па-ангельску "ripples-on-water". ... З трэцім мужчынкам я ўжо не вытрымала, не змагла ўстаяць, каб не сфоткацца з ім ))).

Мае ласкавыя падзякі каляжанкам па Гільдыі Нікол і Катрын, якія дапамагалі мне з выставай. (Катрын ужо напісала не адзін артыкул аба мне ў розныя блогі... але аб гэтым пазьней, у наступных допісах)
А цяпер -- проста цытаты з падзеі:
-- People, you are so talented, so creative... But you are crazy!
-- Вось ты тут рабіла такой тэхнікай... А тут - такія сьцяжкі...
-- Сэр, о! вы - вышываеце?!
-- Упасі, Божа! Гэта ўсё мая гёрлфрэнд!
...у такой жа сітуацыі іншы дзядзька:
-- Сэр, дык вы - вышываеце?
-- Не. Але ў мяне - жонка. Дачка. Нявестка. Абклалі. Так што - я ў тэме.
-- Айрін, пакуль ты хадзіла за кавай, я прадала тваіх Бярозак. Я правільна рэшту ім дала? ... Прыбягаюць, кошты не пытаюцца... дваццаткамі кідаюцца...
-- Ой, твой акцэнт -- цалкам сэксі!..
-- Джэймс, гэта наша дызайнерка, яна з Беларусі..
-- А дзе гэта? Раскажы мне.
-- Польшчу ведаеш?.. Праехаў Польшчу, там - Украіна.. Украіну ведаеш? .. Ну вось, -- і адразу налева...
-- І вось там - такія акцэнты? Ваў!..
-- Прыйсьці да вас са спічам? .. А давайце, я вам дам клас. Выкладчык з мяне лепшы, чым спікер.
-- А мне так падабаецца твой спіч! Ён нагадвае мне маіх бацькоў.
-- ??
-- Яны - з Віцебску.
-- О, які кошык набылі прыгожы. Ручная работа?
-- Так. Вось цяпер маю галаўны боль - што ж мне ў ім трымаць.
-- Бульбу!
-- Yes! You tell me!
-- А што гэта - Belarus? ... Краіна? ... Ой, адукуйце мяне! ... Гэта адна з тых маленькіх, што пасьля...
-- Ня меншая за Брытаню, ці Італію.
-- !!? ... Што вы гаварыця!



 
 



Friday, April 29, 2016

Threadworks - 2016

Ну вось, цяпер можна і мяне павіншаваць.
Дзьве мае работы прайшлі сіта конкурснага адбору і былі ўганараваны ўдзельнічаць у шоў-турнэ "Threadworks - 2016".

"Threadworks" - "выстава выключна крэатыўных работ мастакоў з усёй Канады" (a juried exhibition of exceptional creative needlework stitched by artists from across Canada), якая ладзіцца штотрыгады, работы адбірюцца на конкурснай падставе, і выстава вандруе па гарадах Антарыё напрацягу трох гадоў.
Кожнага разу загадзя абвяшчаецца тэма наступнага конкурсу. На 2016 год тэма была "Flashback" ("Погляд у мінулае"). Акрамя работ трэба прадставіць і кароценькую анатацыю да іх з тлумачэньнямі, што ты тут навышывала.
Дарэчы, у гэтым шоў удзельнічаюць ня толькі (і ня столькі) вышыванкі, але і пэчўорк, і пацеркі, і змешаныя тэхнікі -- усё, што робіцца ігокай з ніткамі.  Звычайна з некалькіх соцен работ выбіраюцца каля пяцідзесяці. Сёлета іх 45.

Я падавала на конкурс дзьве работы. Абедзьве яны трапілі ў Шоў.
1.Работа "Калядная Каза", выкананая ў зьмешанай тэхніцы: нітаграфікі (canvaswork), вынітаваньне (String Art), чорным-па-белым (Blackwork), шыцьцё золатам (Gold Work), пацеркі (Beeds work), беларуская нізанка (Belarusan Nizanka). Ніткі розныя: шоўк, бамбук, металік...
2. Пано "Кругі на вадзе", выкананае выключна беларускай нізанкай (Belarusan Nizanka).

Работы зараз можна паглядзець, наведаўшы выставу, што цяпер знаходзіцца ў Фергусе, Антарыё (Fergus) -- адрас бачны на улётцы -- Wellington County Museum. Там яна будзе знаходзіцца да 29 траўня. Потым пераедзе да наступнага мейсца недзе да Kirkland lake (у мяне ёсьць ужо расклад трохгадовых выставаў, хутка ён будзе апублікаваны і на сайце "Threadworks")

 Ну, што яшчэ сказаць?.. Я цяпер шчасьлівая, усхваляваная... Гэта вельмі прэстыжнае шоў. Кожнага разу гэта -- падзея ў "ніцяным" мастацтве. Да прыкладу, у маёй Таронтаўскай гільдыі, мае каляжанкі, заўсёды надавалі яму асаблівую ўвагу і заўсёды марылі туды трапіць, жылі "ад конкурсу да конкурсу". Трэба сказаць, што мы ганарымся, што работы Таронтаўскай гільдыі заўсёды былі там прадстаўленыя. І вось сёлета толькі мае дзьве работы з усёй Гільдыі, ды й з усяго Таронта ўвогуле, туды трапілі.
Я ганаруся.
І яшчэ трэба сказаць, што чыста вышывальных работ (то, чым займаюся я), наколькі я магу судзіць па фотаздымках ў каталогу, там ёсьць усяго каля дзесяці. З іх - дзьве мае :)

А яшчэ ... чуюся вельмі стомленай. Мне ён ня проста даўся, гэты конкурс.
Што як Калядная Каза была гатовая -- я яе зрабіла яшчэ год таму (не на конкурс, а для душы :) ), але калі я яе паказала на паседжаньні Гільдыі, распавяла пра сымбалі ... усе закрычалі, замахалі: "Тое, што трэба! На конкурс! На конкурс!" ...
А вось Кругі На Вадзе рыхтаваліся адмыслова для конкурсу. Мне хацелася ў поўнай моцы прадставіць "беларускую нізанку".
І недзе ў студзені, калі схема была гатовая (збольшага яна была гатовая і тры гады таму для папярэдняй тэмы "Вада", але я так і не дала рады з часам - шмат было работы з варштатамі...), я зазірнула на сайт Конкурсу, удакладніць тэрміны, паглядзець, што новага... і ... ай-ёечкі! ... Яны скарацілі тэрмін падачы заявак на цэлы месяц! І ў мяне засталося ня два месяцы, як я разлічвала, а толькі - адзін! А работа даволі аб'ёмістая па працы...  Давялося ... удыхнуць ... і выдыхнуць... І паверыць у сябе! Я адклала ўсе справы. Я цэлымі днямі сядзела з іголкай.
Нярвуюся, ці пасьпею...

1-га сакавіка быў першы этап адбору. Для яго трэба было толькі выслаць на емэйл фотаздымкі работ. Я адаслала.
Нярвуюся... Нікому не паказваю, не расказваю, срыжоўваю пальцы...

Хуценька, праўда, праз пару дзён, мне адказалі, што работы прынятыя для ўдзелу ў конкурсе з адмысловым журы. Прывозьце іх для наяўнасьці у Фергус, у Музэй.

З гэтым мне дапамог сябра Алесь Кот. Трэба было везьці работы, уладкаваныя ў надзейныя боксы (што як выдасца ім вандраваць тры гады..?), бо гэта ж Канада: няма машыны не дабярэсься, а я ж безмашынная...
4-га красавіка ў нашых мясьцінах паваліў сьнег, замяло дарогі.... І нашая з Алесем вандроўка -- гэта асобны расповед... ))))

Чакаю... Нярвуюся...
Праз тыдзень даслалі паведамленьне, што мае работы прынятыя для ўдзелу ў Інаўгуральным шоў у Музэі ў Фергусе. Запрашалі на ўрачыстае Адкрыццё выставы 17 красавіка. Нажаль, мне не ўдалося туды паехаць, бо 16 красавіка выправілася ў адваротны бок, у Атаву для віншаваньня шаноўнай Івонкі Сурвіллы.
Сказалі яшчэ, што паведамяць напрацягу двух тыдняў, ці трапяць мае работы ў перасовачную выставу, якая будзе вандраваць тры гады па Антарыё.
Нярвуюся...

Ну вось. Учора атрымала паведамленьне, што Калядная Каза з Беларускай Нізанкай выпраўляюцца ў шоў-вандроўку  па Антарыё!

... А з іншага боку ... трошкі сумна... Гэтыя работы яшчэ амаль ніхто ня бачыў. Ня ўдзельнчалі яны яшчэ ні ў фестывалях, ні ў выставах, ніякіх дысплэях... Яны пакінулі мяне на цэлых тры гады. І ніхто з майго атачэньня іх доўга не пабачыць. Ну, толькі што як ня зьезьдзяць да Фергуса :) .. Сьпяшайцеся! Выстава там будзе да 29 траўня. Потым выправіцца некуды далёка на поўнач.

 * Каза з тлумачэньнямі сымбаляў - тут (праўда, пакуль толькі па-ангельску) -- у мяне на  Facebook




































Wednesday, April 27, 2016

Абярэг "Зорка Алатыр"

Абярэг "Зорка Алатыр" быў створаны адмыслова для шаноўнай спадарыні Івонкі Сурвіллы ў  падарунак на ейны 80-гадовы юбілей.

Абярэг быў уручаны на імпрэзе па ўганараваньню спадарыні Івонкі, якая адбылася ў Атаве 16 красавіка. Тады ж падчас уручэньня Абярэга я распавяла ёй (і шаноўнай публіцы) аб знаках, "ушытых" у яго, "расшыфравала" усе значэньні і мае пажаданьні, якія я ў іх уклала.

Тут ніжэй з дазволу шаноўнай Івонкі публікую "стэнаграфію" сваёй прамовы.

"Дарагая Івонка,
Я далучаю свае віншаваньні да ўсіх тых словаў цеплыньні і захапленьня, сказаных тут да мяне нашымі сябрамі! А свае пажаданьні Вам я склала і ўшыла мовай старажытнага беларускага сымбалічнага пісьма ў гэты Абярэг, створаны для Вас у падарунак.

Вы ж напэўна захочаце, каб я зараз расшыфравала ўсе знакі, ушытыя ў Абярэг? (галасы з прысутнага народу: "зараз!" "расказвай"! :) )
Добра.

Але паперш усяго я мушу расказаць, што такое абярэгі і чым яны розьняцца ад амулетаў.
Амулет – гэта такая рэч, якая валодае магічнай сілай. І гэтай сілай яго надзяляе сама Прырода. Чаму так здараецца, мы ня можам ведаць.
Абярэг – такая рэч, якая валодае такой жа магічнай сілай. Але гэтай сілай яго надзяляе чалавек. То бок, праз рукі майстра ў працэсе ягонага стварэньня  ў абярэг уваходзіць дабрачынная энэргія. Гэта можа быць любая рэч, створаня рукамі чалавека, – выкаваная з металу, выразаная з дрэва... Але спрадвеку самым эфектыўным шляхам стварэньня магічнай сілы ўважалася вышываньне. Ня дзіва, бо нават і навукоўцы ўжо прызнаюць, што іголка працуе як антэна, выхопліваючы хвалі інфармацыйнага поля і зашываючы іх у тканіну. 

Абярэг ‘’Зорка Алатыр’’

Абярэг выкананы ў традыцыйнай беларускай тэхніцы, якую я адкрыла для Канады і якая ўжо увайшла ва ўсе вышывальніцкія анналы сьвету пад назвай Belarusan Nizanka. Гэта старажытная тэхніка, якой вышывалі рытуальныя рэчы (у тым ліку, рушнікі), бо яна адпавядала сакральнай фунцыі, што як выглядала прыгожа, а галоўнае – сэнсоўна, з абаіх бакоў, і ня мела нідзе вузлоў і блытаніны (бо вузлы ўважаліся за перашкоду для сьветлай энэргіі, якую рытуальныя рэчы мусілі захоўваць).

1. У цэнтры Абярэга знаходзіцца васьміканцовая Зорка Алатыр.
Зорка Алатыр можа мець два выгляды. Калі ейныя промні ідуць вертыкальна і гарызантальна, у выглядзе крыжа – гэта мужчынскі Алатыр. Калі промні – дыяганальныя (павярнуць на 45°), у выглядзе літары “х” – гэта жаночы Алатыр.
Зорка Алатыр – вельмі моцны знак. У ім сканцантравана ўся энэргія Сусьвету. Гэтая Зорка – пучок пачаткаў і канцоў коласьвету.  У ёй схаваныя ўсе астатнія знакі, сымбалі, руны, бо зь яе яны выходзяць і зьяўляюцца адно меншай праявай самога Алатыра.

Зорка Алатыр мае шмат функцыяў.
Найперш -- як Зорны Камень Алатыр – аснова Сусьвету – мейсца, дзе адпачываюць і набіраюцца сіл усе багі.

У народзе яго называюць “Вокам Роду”. Праз Зорку Алатыр глядзіць на нас бог Род – існасьць, якая ствараецца з душаў нашых памерлых продкаў. Праз промні Алатыра за намі сочаць нашыя Дзяды, яны апякуюцца намі, кіруюць нас, дапамагаюць нам.

2. Вось тут, на ўваходзячых промнях вышытага мной Абярэга, я змясьціла сымбалі “Дзядоў”. Праз Зорку Алатыр нашыя Дзяды будуць несці Вам, спадарыня Івонка, сваю апеку і падтрымку.

Яшчэ, Зорку Алатыр вышывалі на рытуальных рэчах для тых, каго высьвячалі ў храмы. Для таго, хто станавіўся на сакральны Шлях служэньня свайму Роду. А гаворачы сучаснай мовай – на Шлях служэньня свайму народу, сваёй нацыі. Тым, хто ахвяруе сваё жыцьцё на алтар (дарэчы, слова ‘’алтар’’ паходзіць ад слова ‘’алатыр’’) служэньня свайму народу, Алатыр дае фізічную сілу, вядзе да духоўнай дасканаласьці й мудрасьці. Алатыр сваімі промнямі высьвечвае Шлях гэтага чалавека сьветлай моцай, захінаючы яго ад цёмных сілаў.

3. На зыходзячых промнях Алатыра я зьмясьціла “калосьсі” бога Рая. Гэта -- бог урадлівасьці. У нас іх некалькі, багоў ураджаю. Два браты – Жыцень ды Рай (англамоўныя сябры, заўважым сабе... ;)
Рай будзе шчыраваць над тым, каб усе Вашыя справы былі “ўрадлівымі”, мелі свой плён.

4. Для асабістага жыцьця, на асабістае шчасьце я вышыла нашую беларускую Берагіню. Яна будзе апекавацца Вашым здароўем ды сачыць за ладам ў хаце і ў сям’і.

5. Апошні зак. Мне ён вельмі падабаецца, і я, як і нашыя бабці, люблю ўлучаць яго ў свае дызайны. Традыцыйна ўлюбёны знак Зямлі. Простыя ромбікі з кропачкамі і крыжыкамі ўнутры. Вось у мяне яны тут на васьмі пасах, якія доўжацца і замацоўваюцца-завязваюцца на рамцы. ...Мы ўсе “завязаныя каранямі” да нашай зямлі і “мацуемся” ёю...
Тут, на пасах са знакам Зямлі, у мяне раскідана шмат рысачак. Гэта -- “зернейкі”. У вышыўках нашых бабцяў такія маленькія рысачкі, крыжыкі – то бок, зернейкі – азначалі паўсядзённыя вітаньні й пажаданьні: “добры дзень!”, “добрага здароў’я!”, “добрай дарогі!”...
Мне вельмі падабаецца народная назва гэтага знака. Ён называецца гэтак паэтычна – “Маё поле засеена”. Што азначае: “Я шмат працаваў, я шчыраваў, зрабіў усё, чым моц мая магла. Поле засеена. А значыць, будзе ўраджай. Будзе плён, будзем жыць, і ўсё будзе добра!”

Як я ўжо казала, што майстра ўкладае сваімі рукамі магічную сілу ў абярэг, гэтак я сваім правам майстры, сваёю воляю й думкамі ўкладаю ў знак Зямлі яшчэ адзін сэнс. ...Памятаеце ў Куляшова: “Як яны Беларусь пакідалі, у дарогу мяшэчкаў зь зямлёю ня бралі...”?
Ня ведаю, ці ёсьць у Вас, спадарыня Івонка, удома мяшэчак з роднай зямлёю... (у гэты момант спадарыня Івонка паскардзілася: “Забралі на мяжы”.)... Вось! У такім разе, нашая беларуская зямелька, калі не ў мяшэчку, дык на гэтым Абярэгу заўсёды будзе з Вамі!

Вашае поле засеена!
Дарагая Івонка!
І за гэта Вам ад нас нізкі паклон!”



25 Сакавіка 2002 г., ля кансулята Рассеі ў Таронта

Sunday, April 24, 2016

Абярэг "Нябесны Крыж"

Абярэг "Нябесны Крыж" быў створаны адмыслова для шаноўнага спадара Зянона Пазьняка ў падарунак на ягоны 70-гадовы юбілей.

Два гады таму, у 2014г., мне па форс-мажорных абставінах не ўдалося прыехаць у Ню Ёрк, каб  павіншаваць яго і ўручыць гэты абярэг на адмысловай імпрэзе, якую ладзілі беларускія ню-ёрцы.  Вельмі аб гэтым шкадую. Што не ўдалося расказаць персанальна й прылюдна пра сымбалі, ушытыя ў Абярэг, "раскадзіраваць" значэньні, якія я ў іх уклала сваімі думкаі і рукамі. Абярэг дабраўся да спадара Зянона пазьней, іншым шляхам... А пра сымболіку я распавяла яму ў лісьце па электроннай пошце.

Я публікую гэты ліст у тым выглядзе, як ён быў дасланы сп. Зянону -- таму ў двукосьсі і са зваротам да юбіляра.

Абярэг "Нябесны Крыж" выкананы старажытнай традыцыйнай беларускай тэхнікай "нізанкай" (Belarusan Nizanka) у выглядзе вайсковага бел-чырвона-белага штандара.

 1. На чырвоным пасе, у самым верхнім ромбе – знак “Нябесны Крыж”. Гэта адзін з самых моцных знакаў і набываюць яго тыя, хто выбраў свой жыцьцёвы Шлях у імкненьні да Боскага ідэалу і родавага адзінства (то бок, у сучасным сьвеце – да нацыянальнага адзінства). Нябесны Крыж – знак чысьціні і ісьціны, бо ісьціна ў нябёсах адна. Тому, хто ідзе па Шляху з чыстымі думкамі, шчыра трымаючы ў сэрцы памяць Продкаў, Нябесны Крыж перадае моц і мудрасьць Нябеснага Рода і ягоных Дзядоў і дапамагае заўсёды знаходзіць самае слушнае рашэньне ў лабірынтах зямнога жыцьця.
2. Ніжэй, у цэнтральным ромбе, -- знак “Радзімыч”. Гэты знак – сымбаль бога Рода. Ён ёсьць ахоўнікам сусьветнага Закона, па якім мудрасьць Роду перадаецца з пакаленьня ў пакаленьне, ад Дзядоў да патомкаў. Гэта -- знак-зьберагальнік родавай (нацыянальнай)  памяці. Радзімыч дапамагае ня проста мудрым, але адорвае сілай людзей дзейных – Воінаў Духа.
3. У самым ніжнім ромбе – знак “Параць-кветкі”. Ня трэба, пэўна, тлумачыць, што Папараць-кветка – гэта сымбаль беларускай культуры, што гэта сакральная для беларусаў кветка, і штО яна дае тому, хто яе знойдзе. Але вось такі сымбаль Папараць-кветкі ёсьць яшчэ чыста мужчынскім абярэгам, які ахоўвае фізічнае і душэўнае здароў'е ягоным уладальнікам.
Гэта – мае “100 год!” Вам, спадар Зянон  :)
4. Памятаеце: “Як яны Беларусь пакідалі, у мяшэчку зямельку з сабою ня бралі...”?
Ня ўпэўнена, ці захапілі Вы з сабой нашай зямельцы... Калі – не, дык вось яна – рыхтык пад знакам Папараць-кветкі – сымбаль Зямлі. Гэты знак у народзе называецца “Маё поле засеена”, што ў шырокім сэнсе азначае: “Усё будзе добра! Інакш ня можа быць, бо я зрабіў усё, што меў зрабіць, як мае быць.”
Вось... Няхай нашая зямелька, нават у такім выглядзе, саграе Вашую бытнасьць, беражэ плён Вашае працы і надае Вам моцы ды ўпэўненасьці ў Вашых справах.

 5. Пяты элемент...  Ну, вядома, -- гэта наш традыцыйны сымбаль Вялікага Сонца. Вы яго ўбачыце самі.



На Сустрэчы беларусаў Паўночнай Амерыкі, Кліўленд, ЗША, 2008




Tuesday, October 20, 2015

Пра таронтаўскі фестываль, восеньскі настрой і беларускую нізанку

Прайшлі два дні, а я ўсё яшчэ не магу вызначыцца з назвай таго стану, у якім нечакана апынулася на працягу апошняга Фестывалю... Урэшце знайшла. Сёньня сябар Алесь Кот пажадаў мне ў народзіны “шчасьця праз радасьць бачаньня вынікаў сваёй працы”.
 --------------------------------------------
 ...Фестываль падыходзіць да заканчэньня, я вяду гамонку з сёняшняй партнёркай па буціку Джудзіт (якая, зманьваючы мінакоў да майго дысплэю з "геніяльнай" тэхнікай, міжчасам ладзіць мне суцэльнае інтэрвю: а раскажы мне, ты робіш спачатку схему, альбо ты потым зарысоўваеш тое, што навышывала..?), мы назіраем праз вялізнае вакно за надыходам чорнай хмары,  а я адчуваю незразумелую, даўно забытую, нейкую юнацкую ўзнёслую радасьць і намагаюся здаць сабе справу, адкуль яна... Бо насамрэч, я – стомленая, што той выціснуты лімон. Гэтая мітусьня падрыхтоўкі да Фестывалю, мандраж перад класам, да гэтага я колькі месяцаў была занятая напісаньнем “Туторыяла” па нізанцы, і яшчэ сьпяшалася да дэдлайну з тым Ружавым праектам Канадыйскай асацыяцыі – так усё навалілася... ну як заўсёды, зрэшты. У мяне мусіць быць цяпер звычайны пост-стрэсавы падзёж – а мне чамусьці так хораша!

Ну, не толькі ж таму, напэўна, мне так добра (вось і Джудзіт пра гэта кажа), што сёлета Фестываль выбраўся з паўднёвага, у чатыры паверхі долу, будынка ў будынак паўночны на апошні паверх, дзе ўся паўночная сьцяна і палова страхі – шкляныя! Так паветрана, атмасферна сёньня нам тут!

Я думаю аб тым, што гэтта ж Фестываль зрабіўся для мяне прывычным, амаль руцінай. Я прыходжу сюды, чапляю беджык, машу-ўсьміхаюся кантралёрам, якія і так ўжо ведаюць мяне ў твар, вітаюся са знаёмымі – у мяне іх шмат за гады, абдымаюся з сябрамі – якія шчыра мне радыя, мы жартуем, рагочам...  Усё мне тут знаёма, усюды я – свая... Руціна – але яна такая мне прыемная, менавіта таму, што – руціна :) 
... Хто б тады сказаў, 15 гадоў таму, калі я першы раз сюды трапіла... Я захлынулася тады ад зьдзіўленьня, захапленьня! Мне здавалася, я апынулася ў чароўным сьвеце з казачнымі карцінамі, з незвычайнымі, нябачаннымі дзеямі... з жывымі мастакамі, якіх можна ўбачыць тут, побач. Памятаю, я працісківалася праз натоўп, каб сказаць “хэло” сваёй улюбёнай дызайнерцы, і можа, калі ўдасца, паведаміць ёй, што я вышыла два ейных дызайна! Яна мне ўсьміхалася, вітала, пагаварыла са мной – і гэта было такім дзівам!
... А ж гэтта цяпер, я сама па гэты бок буціка, і наведвальніцы імкнуцца паразмаўляць са мной, расказаць пра свае посьпехі, паціснуць руку...
Як, зрэшты, я люблю цябе, Фестываль! Люблю гэтую ўзнёслую, дабразычлівую атмасферу. Тут во захапляльныя воклікі аб убачаным шэдэўры, там – купка з пэчўоркам у руках перамаўляецца, дзеліцца “сакрэтамі” й “штучкамі”. І увесь час -- жарты й рогат -- то тут, то там (гэта толькі непасьвячоным людзям падаецца, што вышываньне – нудная, маркотная справа; але мы з вамі ведаем...  хранім тайну, які гэта “біг фан”! Канадыйскія майстрыхі голак – тыя ўвогуле гарэзы-весялухі :)

Не, здаецца, і гэта яшчэ не галоўная прычына, чаму мне сёньня так радасна...

Еду дахаты з Фестывалю, цягну свой адвечны “куфар” па каменных джунглях таронтаўскага даўнтаўну да метро, на дварэ зімна, даждліва, у метро таўкатліва – а ў мяне ўнутры нешта ўсё пяе, прытанцоўвае, пэўна і з дурнаваценькай усьмешкай на вуснах – ну, чыста як ў юнацтве, калі ты вось толькі што закахалася і цябе кахаюць...

Гэта быў мой першы клас на Фестывалі. Я да гэтага рабіла пару варштатаў, але ў прывычным, сваім асяродку. Рабіла і “дэмо” з навучаньнем для выпадковых мінакоў Фестывалю. Але клас на Фестывалі – гэта ўжо іншы ўзровень. Па-першае, ты атрымліваеш ганаровы тытул “teacher” (выкладчык). Па-другое, клас платны – то бок, навучэнцы плоцяць грошы, і немалыя, за яго. Клас уводзіцца ў расклад Фестывалю за паўгады ці болей, расклад класаў рэклямуецца ва ўсіх магчымых сродках. Адказнасьць. Усяго гэтага было мне, невыпраўнай баяке, дастаткова для таго, каб адмаўляцца ад яго, колькі б мне яго ні прапаноўвалі. 

Я ўвогуле не люблю навучаць (як вышываць, вязаць і т.п.). Для мяне гэта нешта кшталту, як птушка пачала б навучаць лётаць чарапаху: ну, гэта ж так проста – уздымі крылы... дзе крылы?.. няма?.. шо, я за цябе махаць мушу?..
Не-не-не, я люблю самоту, ціхі працэс сумоўя з ніткамі, ці рысаваньня-складаньня пазлаў-схемак – выцягнуць ногі, кубак кавы побач, можна якісь лёганькі “дзюдзік” (дэтэктыў) на экран... Толькі студэнтаў мне тут ня трэба. Дык вось, я не люблю навучаць нават на роднай мове, а тут яшчэ на чужой, дзе ў мяне ці то са ступару, ці то з узросту (здагадайся, чаго больш) усе патрэбныя зараз і пазарэз словы з галавы навылёт.  
Я дала слабіну толькі таму, што гэта была Карліна ідэя “зрабіць новы фармат з нашых дэмо” дзеля сьвяткаваньня 10-годзьдзя ейнага часопіса. Часопіса, які вывеў мяне ў людзі. “Гэта ж нічога новага для цябе, будзеш рабіць тое ж, што і цяпер рабіла. Адная розьніца, што ў асобным (як паложана) пакоі”.
Ага, у асобным пакоі – зачынілі дзьверы, і ты сам-насам з прагнымі вачыма гэных студэнтаў...

Я ўжо пашкадавала ад самага пачатку гэтай змовы: адміністрацыя заваліла мяне паперамі, якія я мусіла запаўняць умомант і адпраўляць назад. А паперы – гэта ж для мяне яшчэ адна засада.
Што праўда, супакойвала тое, што ў мяне ўжо быў досьвед, я ведала,  што і як буду рабіць, гатовыя былі і схемы, і матэрыялы – я прайшла ўжо шлях да спрошчваньня сваёй праграмы навучаньня (я навучала людзей, і вучылася ў іх, як прасьцей іх навучаць). Нават слайд-шоў у мяне быў гатовы, што была падрыхтавала яшчэ для сваёй Таронтаўскай гільдыі.
Я ўсё роўна заўсёды нярвуюся. А вы – не? ...Зрэшты, я другі раз ужо пайду куды сьмялейшая: досьвед супакойвае. Так, я вырашыла, буду зноў даваць класы, але ня з гэтай прычыны, як вы падумаеце. Але пра яе далей...

Пасьля варштату, напрыканцы таго ж дня я мела размову з Карлай аб сваім класе ды аб класах увогуле. Мне падалося тады, што гэта неяк несправядліва ў вадносінах да тых, хто прыйшоў у клас, што яны мусяць плаціць за тое ж самае, што я паказваю і навучаю проста ў буціку ў якасьці “дэмо”. Я пачувалася няёмка і меркавала, што больш ня буду даваць класы. Карла між іншага сказала мне тады: “...за гэта яны і гатовыя плаціць, каб пабачыць цябе, узяць ад цябе лекцыю, пасумоўнічаць з табой, дакрануцца да жывога дызайнера, урэшце рэшт...”

На наступны дзень я вярнулася да размовы й сказала Карле, што цалкам зьмяніла сваю думку.
Сапраўды, удома, без мітусьні, я перабрала ў памяці ўвесь мой “класны” дзень і шмат што прааналізавала.

С першых хвілін класа я пачала адчуваць розьніцу. Да мяне прыйшлі людзі цалкам незнаёмыя. Прышлі яны чыста па абвестцы ў рэклямках. Яны ня ведалі ні мяне, не бачылі ніколі тае нізанкі, ні рэчаў, вырабленых  ёю. І адразу захапілі мяне сваёй цікаўнасьцю! Яшчэ да пачатку, пакуль я прыладжвала свой лаптоп для прэзентацыі і слайд-шоў, пасыпаліся пытаньні. Вы толькі ўдумайцеся, ШТО яны пыталіся!
“Вось вы гаворыце, што гэта – старажытная тэхніка. А гэта праўда, што Беларусь мае тысячагадовую гісторыю?”
“А вось у беларускіх арнаментах шмат сымбаляў. А гэтыя два колеры, што спрэс бачым, белы і чырвоны, што-небудзь таксама значаць?”
У мяне адвальвалася ськівіца. ......!!!......
Гэта азначала, што яны да класу зрабілі нейкія свае вышукі, хутчэй за ўсё ў інтэрнэце, магчыма наведвалі мае рэсурсы ў сеціве – здабывалі інфу аб тым, чаго яны хочуць навучыцца. Рыхтаваліся. Гэта ўжо зусім іншая катэгорыя людзей, чым тая, што прабягае міма па шэрагах фестывалю і спыняецца выпадкова на нешта незвычайнае, яркае. І потым гэтак ж выпадкова пра тое забывае.
Гэтых людзей было прыемна навучаць. Ад пачатку, яны з тымі прагнымі вачыма згрувазьдзіліся вакол майго лаптопа, паселі на падлозе (наступны раз трэ будзе ўказаць, што мне патрэбны праектар і экран),  лавілі кожнае слова, падказвалі мне, калі я запіналася. Прыёмы вышываньня яны схоплівалі з лёту, ня трэба было кожнаму тыкаць пальцам, я ў адным канцы пакою паказваю, у іншым – ужо ва ўсім разабраліся на слых з тлумачэньняў. Усе закончылі сваю мадэль, давялося паказваць ім яшчэ “штукі-трукі”. А яны і самі ўжо падкідвалі новыя ідэі. Часу падалося мала. Хацелася сумавацца яшчэ...
На разьвітаньні ў маёй ськівіцы зноў была нагода адваліца – мала што яны шчыра выказвалі сваё захапленьне і самім вышываньнем, і маім выкладаньнем, яны пачалі прасіць мой аўтаграф на схемы, якія забіралі з сабой. :)
Я пагадзілася, што Карла мела рацыю. Гэтыя людзі – зусім іншай накіраванасьці. Яны настолькі выявіліся зацікаўленымі гэтай тэхнікай – “беларускай нізанкай”, што сапраўды гатовыя плаціць добрыя грошы, каб даведацца падрабязьней, мець поўную прэзентацыю непасрэдна ад дызайнера, пагутарыць з ім, памацаць жывога ўрэшце рэшт. Гэта мяне вельмі ўразіла.

Гэта надае мне надзеі, што ў нізанкі зьявяцца пастаянныя аматары, прыхільнікі, адэпты, урэшце рэшт. І можа, нават яшчэ новыя дызайнеры.
І гэта значыць, што тэрмін “BELARUSAN Nizanka” замацуецца цалкам у ангельскай і міжнароднай тэрміналогіі. Гэтак жа, як Swedish Weaving, Norwegian Hardanger, Ukrainian Merezhka. 
Менавіта гэта і грэе мне душу. Бо пайду я, забудуцца мае дызайны. Згубяцца і тыя мае вышыванкі, што зроблены ў нізанцы. А тэрмін застанецца навек.

Што яшчэ... У скарбонку майго настрою пасыпаліся тады і іншыя падзеі на Фестывалі.
Сяброўка па Гільдыі дызайнераў Марыя, якой я была плакалася ў камізэльку, як я не хачу класа, потым кажа: “Ты зрабіла гэта! І зрабіла добра!” Я махнула рукой. “Не-не, я ведаю, што кажу. Тыя студэнткі, што былі ў цябе, потым былі і ў маім класе. Надта хваліліся ўражаньнямі і захапленьнямі”.

Размова з кіраўнічкай па буціку Канадыйскага таварыства вышывальніц Ніколь. Кажа, будзем на наступны год рабіць вялікі “бум” тваёй тэхніцы. Давай, у нашым буціку зробім “дэмо”. І яшчэ дамо табе цэлы стол для прэзентацыі тваіх работ. І ў Таварыскім часопісе адмецім тваю тэхніку. Падрыхтуй маленькі, просты дызайн. І на ўсіх сецевых рэсурсах раскідаем спасылкі на твой “Туторыял”...

Ах, так... “Туторыял”. Я напісала падрабязны “курс маладога байца”. Па ім можна цалкам навучыцца без выкладчыка. З ім зрабіўся нейкі нечуваны для мяне “выбух інтэрнэту”: не пасьпела выкласьці ў сеціва, як пачаліся шалёныя спампоўваньні з розных куткоў сьвету.

Вось яно тое, што надае мне радаснага настрою, нягледзячы на стому, кепскае надвор’е, мітусьню гарадоў...
Беларуская нізанка, калі яшчэ не набыла вялікую папулярнасьць (пакуль што), але ўжо робіцца вядомай. Значыць, цалкам прапішацца ў заходнім вышывальным доме і будзе тут жыць!

Як ты там, Алесь, казаў..? “Шчасьце праз радасьць бачаньня вынікаў сваёй працы”...

Зямля мая ня ў крыўдзе будзе, што я пакінула яе.

Нешта я сёньня разверзлася тэкстам...  Ну, некалькі месяцаў пісаніны па-ангельску... спісалася ўшчэнт... змаглася... Родная мова - як рассол з пахмельлю.. )))

19.10.2015
Таронта